Гэта кніга пра нараўлянскі палац — стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаваньне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з маёй асабістай гісторыяй. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за ягонымі вокнамі.
Кніга спалучае элементы рэалізму й магічнага рэалізму. У ёй бронзавыя львы прагульваюцца па парку, а людзі зь партрэтаў — па калідорах. Заходзячы ў дом, будзьма гатовыя: гаспадар у любы момант можа вярнуцца зь вечнасьці, каб адказаць на тэлефонны званок.
У кнізе шмат старых і сучасных фотаздымкаў, што дазваляе акунуцца ў атмасферу палаца, вандраваць па ягоных пакоях і навакольлі. Цьвёрдая вокладка надзейна захоўвае зьмест кнігі і надае пачуцьцё грунтоўнасьці. Унутры — шчыльная крэйдаваная папера крэмавага колеру, прыемная для вачэй і на дотык.
Мне б хацелася, каб, разгарнуўшы кнігу, вы пачулі тое ж, што і я, калі ўпершыню пазнаёміўся зь нараўлянскім палацам: ціхі покліч, запрашэньне затрымацца і адчуць сябе дома.
Прыемнага чытаньня!
Андрэй Горват
Аўтар Андрэй Горват